ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ ВЯЛЕ́ЦКІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). Знаходзіцца за 1,2 км на ПдЗ ад воз. Вялец і в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Валун шаравата-ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату (авоіды 2—9 см). Даўж. 3,6 м, шыр. 1,8 м, выш. над паверхняй 0,8 м, аб’ём 2,8 м³, маса 14 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву Ленінградскай вобл. Расіі. На паверхні 33 круглыя паўсферычныя лункі (дыяметр 5—6 см, глыб. 3 см) з загладжанымі і адшліфаванымі сценкамі. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
т. 17, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)